23 чэрвеня стартуе інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Дарогамі славы». Яе храналогія цалкам супадае з храналогіяй вызвалення беларускай зямлі – з 23 чэрвеня па 28 ліпеня.
Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці наведаюць населеныя пункты, дзе разгарнуліся ключавыя бітвы беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», у выніку якой 80 гадоў таму наша краіна была вызвалена ад нямецкіх акупантаў. Гэта была аперацыя 4-х франтоў, у ёй удзельнічала больш за 4 млн. вайскоўцаў, больш за 65 тыс. адзінак зброі, каля 7,5 тыс.танкаў, больш за 7 тыс. самалётаў. Да вызвалення акупаваных тэрыторый далучыліся падпольшчыкі, партызаны, мірнае насельніцтва. Гэтая акцыя – памяць пра людзей, якія загінулі ў тых страшных баях.
Пачнецца акцыя ў Светлагорскім раёне, дзе знаходзіцца мемарыяльны знак, прысвечаны аперацыі «Баграціён» і прарыву лініі фронту 1-м Беларускім фронтам пад камандаваннем маршала К.К. Ракасоўскага. Таксама мерапрыемствы пройдуць у Бабруйску (27 чэрвеня), Чэрвеньскім раёне (2 ліпеня), Полацку (6 ліпеня), Гродне (16 ліпеня). Праграма ў кожным горадзе будзе яркай і насычанай: аўтапрабег, ускладанне кветак, кіналекторый з паказам фільма «Час вярнуцца», канцэрты, святочны салют. Завершыцца інфармацыйна-асветніцкая акцыя ў Брэсце 28 ліпеня, у дзень, калі тэрыторыя Беларусі была цалкам вызвалена ад захопнікаў.
Арганізатары акцыі – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, грамадскія арганізацыі «Беларускае таварыства ”Веды”», «Белая Русь», БРСМ, «Беларускі саюз афіцэраў», «Патрыёты Беларусі», «Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў».
Падрыхтавана паводле БЕЛТА